Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі супраць жанчын (КЛДЖ)
Віка Рудзянкова
Юрыстка і аналітыкеса ПЦ “Вясна” з 2019 г. Падчас праваабарончай дзейнасці аказала больш за 600 юрыдычных кансультацый людзям, чые правы былі парушаныя беларускім рэжымам, у тым ліку займалася падачай скаргаў і зваротаў як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях. На дадзены момант падаю звароты ў вышэй узгаданы КЛДЖ і Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН. Суаўтарка месячных і гадавых справаздач аб стане правоў чалавека ў Беларусі, а таксама справаздач па тэмах беларускага "экстрэмізму" і выбараў*[1]
Што рабіць, калі ты беларуска і цябе дыскрымінуюць? Ты паспрабавала абараніць свае правы самастойна. Ці не паспрабавала: не бачыла сэнсу. У любым выпадку, адчуванне несправядлівасці засталося, бо твае правы парушылі, а ніякага афіцыйнага пацверджання гэтаму няма. Няма рашэння суда, няма прызнання віны, няма кампенсацыі. Ёсць – толькі бездапаможны гнеў.
Для беларускіх жанчын гэтая гісторыя можа быць занадта знаёмай. Судовая сістэма не працуе. Даверу да яе — нуль. Але гэта не значыць, што механізмаў абароны няма зусім. Проста шукаць іх трэба не ў Беларусі.
Гэты тэкст — пра галоўны інструмент міжнароднай абароны правоў жанчын і тое, як ім скарыстацца.
Інструменты абароны правоў чалавека ў міжнародным праве ўстанаўліваюцца міжнароднымі дамовамі – у іх удзельнічаюць некалькі краін. Галоўны міжнародны дакумент па нашай тэме – Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі супраць жанчын (або CEDAW – па англійскай абрэвіятуры; далей па тэксце ўзгадваецца як проста Канвенцыя) [2].
Прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН у 1979 годзе, Канвенцыя вызначае дыскрымінацыю супраць жанчын як любыя адрозненні, выключэнні або абмежаванні, якія засноўваюцца на поле і прыводзяць да таго, што жанчыны аказваюцца ў горшым становішчы ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай або любой іншай сферы жыцця.
Чаго Канвенцыя не можа забяспечыць?
Яна не мае механізму прымусовага выканання. ААН не можа накласці санкцыі або прымусіць краіну змяніць заканадаўства ці практыку. Але Беларусь пастаянна знаходзіцца пад міжнародным наглядам: праз сістэму справаздачнасці і рэкамендацый.
У 1981 годзе Беларусь ратыфікавала Канвенцыю, чым афіцыйна пагадзілася выконваць яе патра баванні. І калі дзяржава гэтага не робіць, мы можм уздзейнічаць на яе і патрабаваць справаздачнасці праз аўтарытэтнага пасрэдніка: Камітэт.
Адпаведна, галоўная міжнародная дамова – Канвенцыя – вызначае і асноўны міжнародны інструмент абароны правоў жанчын – Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі супраць жанчын (далей – Камітэт; КЛДЖ). Ён кантралюе выкананне канвенцыі. Гэты кантроль можна падзяліць на дзве формы, што існуюць паралельна:
рэгулярны маніторынг дзеянняў дзяржавы па тэме дыскрымінацыі жанчын, які адбываецца раз на 4 гады,
і сітуатыўны кантроль, які адбываецца па індывідуальных зваротах жанчын у КЛДЖ.
Менавіта сітуатыўны кантроль, то бок разгляд асобных зваротаў па асобных сітуацыях, і з’яўляецца нашым інтарэсам.
У якіх выпадках варта звяртацца ў КЛДЖ?
Тэмы, якія КЛДЖ ужо разглядаў, можна падзяліць на наступныя групы:
хатні гвалт,
сексуалізаваны гвалт,
гандаль людзьмі,
доступ да медычнага абслугоўвання (у тым ліку тэма абортаў і гвалт з боку гінекалаг:іні),
умовы ўтрымання ў месцах зняволення,
даскрымінацыя ЛГБТК+,
высылка з краіны.
Але ж гэты пералік не вычарпальны: звяртацца ў Камітэт можна і з іншымі выпадкамі [3]. Канвенцыя закранае практычна ўсе сферы, у якіх жанчыны могуць быць дыскрымінаваныя: адукацыя, занятасць, доступ да медыцыны, шлюб, планаванне сям'і, асаблівасці жыцця ў сельскай мясцовасці. Таму заўсёды мае сэнс ствараць новыя прэцэдэнты.
Напрыклад, беларускія юрыст:кі стварылі прэцэдэнт, калі падалі ў КЛДЖ скаргу на ўмовы ўтрымання па палітычных матывах. У выніку, у 2009 годзе КЛДЖ упершыню разгледзеў беларускі кейс і даў ацэнку ўмовам утрымання з улікам жаночых патрэбаў. КЛДЖ прызнаў, што правы журналісткі-заяўніцы былі парушаныя, бо ў яе бок мелі месца недапушчальныя дакрананні супрацоўнікаў-мужчын, а ахоўнікі маглі назіраць за ёйпадчас карыстання туалетам. Камітэт прыйшоў да высновы, што такія дзеянні з боку супрацоўнікаўпагоршылі ўмовы ўтрымання для заяўніцы значна больш, чым для мужчын-зняволеных. Паводзіны супрацоўнікаў Камітэт трактаваў як сексуальныя дамаганні, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца адной з формаў гендарнага гвалту.
Ці мае сэнс звяртацца ў КЛДЖ, калі Беларусь праігнаруе яго меркаванне – і гэта загаддзя вядома?
Дэ-факта ўрад Беларусі дэманструе абыякавасць да міжнародных механізмаў [4], як і да экспертнай праваабарончай супольнасці. Нягледзячы на курс ізаляцыі ад міжнародных механізмаў, Беларусь усё яшчэ з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі супраць жанчын. А гэта значыць, што яе афіцыйныя прадстаўнікі былі вымушаныя прысутнічаць на пасяджэнні КЛДЖ у лютым 2025 года і публічна адказваць на пытанні. Таму, каб узмацніць ціск на дзяржаву і дамагацца зменаў, варта дасылаць у Камітэт свае звароты.
Акрамя міжнароднага прызнання парушаных правоў і стварэння грунтоўных падстаў для палітычнага і дыпламатычнага ціску на ўлады Беларусі, ёсць і іншыя невідавочныя прычыны падаваць свае скаргі ў Камітэт. Напрыклад, юрыдычныя перспектывы ўздзеяння на дзяржаву ў будучыні. Так, заключэнні КЛДЖ адыграюць важную ролю, калі ўлада зменіцца і парушэнні будуць расследавацца.
Але нават сёння не варта недаацэньваць рашэнні камітэту: на іх высновы можна спасылацца пры абароне сваіх правоў на нацыянальным узроўні. Праз тое, што ў канстытуцыі замацаваны прыярытэт міжнародных прынцыпаў, суддзі абавязаны звяртаць увагу на гэтыя рашэнні. Такім чынам, меркаванні чальцоў КЛДЖ могуць выкарыстоўвацца як аргументы пры абароне правоў у беларускіх судах у падобных выпадках дыскрымінацыі.
Такім чынам, калі КЛДЖ выносіць заключэнне па канкрэтнай сітуацыі, то гэта спрашчае працу па абароне правоў жанчын, якія перажылі, перажываюць або будуць перажываць падобнае.
Цяпер замест аргументацый або праходжання доўгіх працэдур, можна будзе проста спасылацца на канкрэтнае рашэнне чальцоў Камітэту.
Ну і нарэшце важна тое, што ў Беларусі засталося не так шмат інструментаў уплыву і дакументацыі. Таму без прыўкрашвання, зварот у КЛДЖ – гэта гістарычны ўнёсак. І гэты крок варта зрабіць да таго, як вы апусціце рукі.
Што трэба для таго, каб абскардзіць сваю сітуацыю ў КЛДЖ?
Вядома, што падаваць скаргі ў КЛДЖ могуць толькі жанчыны, чые правы былі парушаныя дзяржавай ці яе прадстаўнікамі, або калі дзяржава нічога не зрабіла, каб абараніць яе правы. Гэта патрабаванне называецца “статусам ахвяры”.
Але перад зваротам у Камітэт абавязкова абскардзіць дыскрымінацыю на нацыянальным узроўні: гэта фармальнае, але найважнейшае патрабаванне. Нягледзячы на тое, што ў Камітэце добра разумець, якія суды ў Беларусі, гэта жалезнае правіла, усталяванае Канвенцыяй Таму трэба звярнуцца ў міліцыю і далей абскардзіць іх бяздзеянне ў судзе. Дастаткова аднаго негатыўнага рашэння суда, каб з ім ісці далей.
Крыніцы для далейшага даследавання
Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі супраць жанчын: https://www.un.org/ru/documents/decl_conv/conventions/cedaw.shtml
Комитет по ликвидации дискриминации в отношении женщин: общий гайд для подготовки индивидуального сообщения: https://www.defendersbelarus.org/komitet-po-likvidacyi-diskriminacyi-v-otnoshenii-zhenshin
Дапаможнік па працы з Камітэтам па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчынаў: https://belhumanrights.house/en/news/padryhtavany-dapamozhnik-pa-pracy-z-kamitetam-pa-likvidacyi-dyskryminacyi-dachynenni-da-zhanchyna
Обжалование репрессий на национальном уровне: https://www.defendersbelarus.org/obzhalovanie_repressiy
5-часовой курс на английском языке “Введение в КЛДЖ”: https://portal.trainingcentre.unwomen.org/product/cedaw/
Кантакты, па якіх можна звярнуцца, па дапамогу з падачай звароту ў КЛДЖ: ПЦ “Вясна”: Telegram @zvarot96 / Emal: zvarot@spring96.org
Спасылкi
Тэрмін "выбары*" ў дачыненні да выбарчых кампаній пасля 2020 г. выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходау і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.
Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі супраць жанчын варта адрозніваць ад іншай, не меней важнай – Стамбульскай канвенцыі: яна закліканая спыніць менавіта гва лт супраць жанчын і не закранае іншыя разнастайныя формы дыскрымінацыі супраць жанчын.
Часам дыскрымінацыя невідавочная: яна можа быць прамой і ускоснай. Ускосная дыскрымінацыя – гэта калі на першы погляд нейтральныя правіла, палітыка або практыка ставіць жанчын у невыгаднае становішча ў параўнанні з мужчынамі. Гэта не прамое абмежаванне правоў жанчын, але фактычны вынік прымянення агульных норм, якія маюць дыскрымінацыйныя наступствы. Напрыклад, адсутнасць адпаведных умоў для цяжарных або кормячых маці на працоўным месцы, што аб'ектыўна абмяжоўвае іх магчымасці.
Узяць хаця б той факт, што ў лютым 2021 года Рэспубліка Беларусь афіцыйна і па сваім жаданні выйшла з Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта значыць, што цяпер Камітэт па правах чалавека ААН больш не можа разглядаць скаргі на парушэнні правоў чалавека, учыненыя Беларуссю.