top of page

Гендарны гвалт у медыя

Дар’я Гардзейчык

(яна/ёй). Журналістка, падкасцерка. Інтэрсекцыйная феміністка. Аўтарка матэрыялаў пра (не)дыскрымінацыю сацыяльна ўразлівых груп, (дэ)каланізацыю Беларусі і ўстойлівае развіццё беларускіх гарадоў. Асноўная сфера інтарэсаў — трансфармацыя сацыяльных нормаў са зменай пакаленняў.

TW: дэтальныя апісанні праяў гендарнага гвалту


Гендарны гвалт — гэта гвалт, абумоўлены сістэмнай няроўнасцю, патрыряхальнымі нормамі і гендарнымі стэрэатыпамі, якія пануюць у грамадстве. Чуллівасць медыя да тэмы гэтай тэмы — паказчык карэктнасці асвятлення падзей, якія звязаныя з праявамі гендарнага гвалту. 


Калі медыя выкарыстоўваюць дакладную тэрміналогію, кіруюцца прынцыпамі недыскрымінацыі, этычна ставяцца да людзей, якія перажылі гвалт, адмаўляюцца ад прасоўвання стэрэатыпаў, а таксама аналізуюць падзеі як сістэмныя з’явы, — такі падыход можна лічыць чуллівым. 


У гэтым артыкуле пад медыя я разумею рэгулярныя выданні, якія самі лічаць сябе сродкамі масавай інфармацыі, але не актывісцкімі ці праваабарончымі праектамі. 

Алеітуацыя з беларускімі медыя па-свойму ўнікальная. Справа ў тым, што ў Беларусі мы разумеем пад «незалежнымі» і «дзяржаўнымі» медыя і чаму супрацьпастаўляем іх адно аднаму. У нашым кантэксце гэтыя паняткі моцна адрозніваюцца ад іншых краін свету. 


Пад незалежнымі медыя мы разумеем тыя, якія не кантралююцца беларускім урадам, не з’яўляюцца сродкамі прапаганды і імкнуцца да выканання журналісцкіх стандартаў. У сваю чаргу «дзяржаўнымі» або «праўладнымі» медыя мы называем тыя рэсурсы, якія кантралююцца беларускім урадам, прасоўваюць яго прапагандысцкія наратывы і не ставяць перад сабой задачы асвятляць падзеі згодна з журналісцкімі стандартамі [1]


Рознасць у чуллівасці да пытанняў гендарнага гвалту існуе як паміж «дзяржаўнымі» і «незалежнымі» медыя, так і ўнутры кожнай з гэтых груп. 


Адначасова пэўная розніца у тым, як асвятляецца з’ява гендарнага гвалту, існуе паміж «спецыялізаванымі» медыя і «агульнанавінавымі» медыя. Да першых адносіцца, напрыклад, часопіс Sojka, які пазіцыянуе сябе як «часопіс ад, для і пра жанчын». «Sojka» відавочна мае гендарную оптыку ў сваёй працы. 


Таксама да спецыялізаваных медыя, але ўжо з ліку дзяржаўных, можна нечакана аднесці газету «На страже» і часопіс «Милиция Беларуси», мэтавая аўдыторыя якіх — супрацоўні:цы МУС. Справа ў тым, што ў такіх выданнях тэму хатняга гвалту прадстаўляюць як адзін з кірункаў злачыннасці, з якой змагаюцца беларускія праваахоўні:цы. 


Адзін з самых папулярных беларускіх «агульнанавінавых» незалежных сродкаў масавага інфармавання — zerkalo.io. Гэта медыя, якое заснавала частка супрацоўні:ц tut.by пасля разгрому партала. Zerkalo.io рэгулярна піша пра тэмы, звязаныя з хатнім гвалтам. У пераважнай колькасці выпадкаў гэта не калонкі даследчы:ц або спецыяліста:к, якія займаюцца з людзьмі з досведам гендарнага гвалту. У асноўным тэма гендарнага гвалту з'яўляецца ў матэрыялых Zerkalo.io пры асвятленні навінаў. Як правіла, гэта артыкулы заснаваныя на прэс-рэлізах праваахоўных органаў або мясцовых дзяржаўных выданняў, якія расказваюць пра крымінальнае разбіральніцтва стасоўна мужчын, здзейсніўшых гвалт над жанчынамі — звычайна, сваімі партнёркамі ці сваячкамі.


Яркая асаблівасць стылю zerkalo.io у асвятленні такіх навін — яскравыя загалоўкі з апісаннямі сцэн жорсткага збіцця. Да таго ж, у падзагалоўках або першых сказах артыкулаў аўтар:кі zerkalo.io часта іранізуюць над аўтарамі гвалту, падкрэсліваюць абсурднасць іх апраўданняў і выкарстоўваюць элементы «чорнага гумару». 


Напрыклад, для артыкула, у якім расказваецца пра тое, як сын забіў уласную маці, zerkalo.io выкарыстоўвае такі загаловак: Минчанин до смерти избил мать и укрыл одеялом: думал, что уснула.


Далей у артыкуле раскрываецца гісторыя мужчыны, які сістэматычна здзейсняў гвалт над сваёй маці, а ў дзень забойства жорстка збіў яе. Калі жанчына страціла прытомнасць, сын, па ўласных словах, падумаў, што яна заснула, накрыў яе коўдрай і сыйшоў да сябе ў пакой. Раніцай, зноў жа па словах сына, ён заўважыў, што маці за ноч так і не змяніла позу, а рукі ў яе сталі халодныя. Мужчына выклікаў хуткую, якая канстатавала смерць. 


Імаверна, прыведзены эпізод з коўдрай — тлумачэнне мужчыны праваахоўні:цам, якія заканамерна задалі пытанне, чаму ён не выклікаў хуткую дапамогу, калі жанчына страціла прытомнасць. Аднак zerkalo.io абірае гэтую дэталь для загалоўка, каб стварыць пэўны сатырычны эфект. Іронія ў навіне пра забойства жанчыны — гэта дакладна не паказчык чуллівасці.


Яшчэ адзін загаловак zerkalo.io — «Беларус нанес бывшей 18 ударов сковородкой, но на него даже не завели «уголовку»: оказалось, избил недостаточно сильно» — ізноў гуляе на стварэнне сатырычнага эфекту.


Гэта загаловак артыкула, які ў «лідзе» мае апісанне сітуацыі з хатнім гвалтам у Беларусі і нават спасылку на матэрыял CurrentTime пра дапамогу пацярпелым пасля закрыцця профільных НКА. У артыкуле змешчаная цытата з судовага рашэння, дзе траўмы, якія аўтар гвалту нанёс жанчыне, адносяць да «цялесных пашкоджанняў, якія не пацягнулі за сабой кароткатэрміновага растройства здароўя ці нязначнай стойкай страты працаздольнасці». Менавіта праз такую кваліфікацыю аўтар гвалту нават не быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, бо для абуджэння крымінальнай справы паводле закону мусяць мець месца «менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія выклікалі доўгатэрміновае растройства здароўя на тэрмін да чатырох месяцаў або значную стойкую страту працаздольнасці менш, чым на адну траціну». 


Далей ідзе апісанне адміністратыўнай адказнасці, якую панёс мужчына, а таксама аповед пра практыку адміністратыўных і крымінальных спраў у Беларусі, звязаных з гендарным гвалтам. 


То-бок артыкул мае добрую структуру і апісвае хатні гвалт як сацыяльную з'яву, прыводзіць статыстыку і спасылку на арганізацыю, якая дапамагае пацярпелым жанчынам. Зрэшты загаловак артыкула не адлюстроўвае змест, але заахвочвае чытаць тэкст праз абсурдысцкі загаловак. 


Варта таксама адзначыць, што часта zerkalo.io робіць акцэнт менавіта на збіцці — нават калі ў выніку гэтага збіцця пацярпелая загінула. Такія дзеянні называюць не «забойствам з асаблівай жорсткасцю», але «збіццём да смерці» ці нават проста «збіццём». 


«Она меня уже достала». Беларус сильно избил подругу и закопал труп во дворе, а его даже не осудили за убийство — вот что случилось. З такога загалоўка нават не адразу зразумела, што труп — менавіта той збітай «подругі», а не нейкай іншай асобы. Пры гэтым аўтарка артыкула ў далейшым тэксце адзначае: «В итоге Кириллу предъявили обвинение не в убийстве, а в истязании сожительницы и нанесении ей менее тяжких телесных повреждений (ч. 1 ст. 154 и ч. 2 ст. 149 УК). Суммарное наказание по этим статьям составляет не более пяти лет лишения свободы» — і называе такое рашэнне «Невиданной гуманностью». То-бок сама аўтарка лічыць злачынства менавіта забойствам, хаця і зноўку выяўляе гэта ў іранічнай форме. Атрымліваецца, у артыкуленечуллівасць выяўляецца зноў жа ў загалоўку. 


Вось яшчэ некалькі прыкладаў:


Пры гэтым такі выбар лексікі не абумоўлены юрыдычнай дакладнасцю. Сапраўды, у Беларусі для  кваліфікацыі злачынства як забойства  важна, ці пацярпел:ая загінула ад атрыманых раненняў адразу ці праз пэўны час. Аднак медыя не ставяць мэтай дакладна прытрымлівацца юрыдычнай тэрміналогіі: паняткаў «збіццё» і «збіццё да смерці» ў крымінальным кодаксе ўвогуле няма. 


Тым часам рэгіянальнае выданне Hrodna.life не імкнецца ствараць загалоўкі клікбэйтнымі і не засяроджвае ўвагу  на крывавых падрабязнасцях ці саркастычна падабраных цытатах. Тэма гендарнага гвалту звычайна асвятляецца ў ілюстраваных артыкулах-эксплэйнерах, дзе акцэнт робіцца не на канкрэтных навінах, а на сацыяльных з’явах з каментарамі гендарных даследчыц і псіхалагінь. 


Жаночы часопіс Sojka піша на тэмы гендарнага гвалту часцяком нават без выкарыстання слова «гвалт» як такога. Але з тлумачэннем, чаму тая ці іншая сітуацыя — небяспечная. Перыядычна аўтар:кі артыкулаў засноўваюцца на гісторыях, якія ім дасылаюць чытач:кі:



 У дзяржаўных жа медыя сітуацыя выглядае іншым чынам —  як у выбары фарматаў, так і ў тым, як тэма гвалту ў іх раскрываецца.  


У сучасных умовах, калі абсалютная большасць незалежных медыя ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі і вымушаныя працаваць з-за мяжы, толькі супрацоўні:цы дзяржаўных СМІ могуць   наўпрост пагаварыць удзельні:цамі падзей ці прадстаўні:цамі праваахоўных органаў. Таму іх артыкулы могуць быць не толькі пераказам навін, як у zerkalo.io, але і справаздачай дзейнасці МУС, і інтэрв’ю з аўтарамі гвалту. 


Избил мать и сам позвонил в милицию: как правоохранители реагируют на такие случаи — гэта загаловак інтэрв’ю з начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандрам Кудзелькам. 


Зместу артыкула бракуе чуллівасці. Выпадкі хатняга гвалту ў тэксце называюцца «сямейнымі скандаламі»: Семейные скандалы возникают не только между супругами, но и между родителями и детьми, проживающими совместно. Зачастую злоупотребление алкогольными напитками — основная причина рукоприкладства. 


Гендарныя даследчыцы настойваюць, што пры апісанні выпадкаў гендарнага гвалту не карэктна ўжываць словы «канфлікт», «скандал», «сварка» ці «высвятленне стасункаў». Такі падбор лексікі абагульняе выпадкі гвалту, дзе ёсць дакладная вертыкальная дынаміка ўлады, з выпадкамі, дзе абодва бакі маюць аднолькавую ўладу над падзеямі і вольныя выйсці зкамунікацыі у любы момант. Менавіта гэта адрознівае гвалт ад канфлікту. 


«...Предшествовал этому конфликт с матерью. Мужчина нигде не работал, часто выпивал, а дома устраивал скандалы, вымогал деньги на алкоголь, бил мать и угрожал ей расправой». — цытуе СБ Беларусь словы міліцыянта. Аднак збіццё, пагрозы забойствам і вымагальніцтва — не канфлікт, а гвалт і злачынства. Такая блытаніна ў тэрміналогіі вядзе да зняцэньвання  праблемы гвалту чытач:камі. Калі, напрыклад, і спрэчка наконт фільма на вечар, і збіццё з рэалістычнымі пагрозамі забойствам называюцца «канфліктам»,  людзям становіцца цяжка пазнаць рэальны гвалт і дзейнічаць суадносна з гэтым. 


Таксама як і zerkalo.io, СБ-Беларусь ужывае словазлучэнне «збіць да смерці» замест, напрыклад, «жорстка забіць»: Бобруйчанин избил до смерти малолетнюю дочь гражданской жены. Аўтарка артыкула абірае менавіта такую фармулёўку нягледзчы нават на тое, што мужчыну прад’явілі абвінавачванне паводле артыкула «Забойства». 


Тым часам спецыялізаванае выданне для супрацоўні:ц МУС «На страже» таксама не праяўляе кваліфікаванасці ў справах, якія ёсць іх непасрэднай сферай дзейнасці.

Газета перадыячна публікуе навіны пра паседжанні, на якіх міліцыянт:кі абмяркоўваюць супрацьдзеянне хатняму гвалту, дзе выкарыстоўваецца менавіта тэрмін «хатні гвалт». Але ў тэкстах, у якіх апісваюцца непасрэдна выпадкі хатняга гвалту, ён не ідэнтыфікуецца. Аўтараў гвалта часта называюць «дебоширами» або «скандалістамі»: В милицию обратилась 60-летняя жительница Ивацевичского района с сообщением, что ее сестру избивает сын. На место незамедлительно выехал наряд. Увидев правоохранителей, 31-летний дебошир с явными признаками опьянения завел бензопилу и направился в их сторону.


У артыкуле «Служить на страже родины почётно» ад 19 студзеня 2024 маецца ўжо знаёмы нам па артыкулах zerkalo.io эфемізм «збіць да смерці»: «...73-летний мужчина до смерти избил жену тростью и бросил тело на улице». 


А вось цытата з артыкула «Помощь и словом, и делом» ад 20 верасня 2024 года: 

«Страж порядка узнал голос подопечной: ранее она уже подвергалась насилию со стороны супруга. Но в тот день ситуация была критичная: в ходе ссоры мужчина избил благоверную, после чего повалил на пол и угрожал расправой».


З аднаго боку, аўтар:кі артыкула сцвярджаюць, што жонка падвягалася гвалту з боку мужа. Але адначасова называюць тое, што ёй адбывалася — «ходам сваркі». 


Прыклады, якія мы разгледзелі вышэй не могуць прэтэндаваць на статыстычную верагоднасць: каб рабіць  дакладныя высновы, патрэбны аналіз нашмат большага масіва дадзеных. Аднак гэтыя прыклады — паказчыкі таго, наколькі папулярным беларускім медыя (як дзяржаўным, так і незалежным) бракуе чуллівасці ў пытаннях гендарнага гвалту за выключэннем тых, якія карыстаюцца кансультацыямі даследчы:ц пры стварэнні адмысловых артыкулаў. 


Дзяржаўныя медыя пераважна цытуюць міліцэйскія і зводкі і адказы чыноўні:ц, праз што іх артыкулы поўняцца канцэлярытам. Некаторыя незалежныя медыя схільныя выкарыстоўваць жорсткія фармулёўкі ў тэкстах і падрабязныя апісанні гвалту ў загалоўках, каб прыцягнуць як мага больш праглядаў. 


Тыя незалежныя медыя, якія маюць гендарную прызму і запрашаюць эксперта:к для асвятлення тэмы, робяць акцэнт на клопаце аб чытач:ках. Такія медыя папярэджваюць аб трыгерных дэталях і не дадаюць “крывавыя падрабязнасці”, калі гэта не дапамагае лепей раскрыць тэму. Праблема гендарнага гвалту ў іх тэкстах раскрываецца як сацыяльная з’ява, а не як эксклюзіўны матэрыял і не чарговы эпізод з крымінальнай хронікі. 



Крыніцы для далейшага даследавання

  1. Гендер и СМИ : учеб. пособие для слушателей системы дополнительного образования взрослых по напр. образования "Коммуникации" / И. В. Сидорская, А. Раду. — Минск : РИВШ, 2014. — 133 с.

  2. Сидорская И. В. Гендерные стереотипы и способы их преодоления. – 2009.

  3. Buiten D., Salo E. Silences stifling transformation: Misogyny and gender-based violence in the media //Agenda. – 2007. – Т. 21. – №. 71. – С. 115-121.

  4. DEKIĆ S. Media coverage of gender-based violence handbook. – 2017.

  5. Сидорская И. Гендерные стереотипы в формате «человеческих историй»: закрепляем или преодолеваем? // MediaIQ. 2024. 19 января. 

  6. Сидорская И. Как медиа перестать быть невольными трансляторами гендерных стереотипов // MediaIQ. 2024. 9 января.



Спасылкi

  1. Greene, Samuel A. You Are What You Read: Media, Identity, and Community in the 2020 Belarusian Uprising. Problems of Post-Communism, 2022 — https://doi.org/10.1080/1060586X.2022.2031843.


bottom of page