Квір камадыфікацыя
Вікторыя Грабеннікава
Мастачка, даследчыца культуры, квірка. Гэты тэкст я пішу з пазіцыі нізавой (прэкарнай) квір-актывісткі і незалежнай (прэкарнай) мастачкі. Па колькасці выкарыстання мной слова прэкарнасць, можна здагадацца, што мая оптыка — левая.
Сутнасць квір-камадыфікацыі
Згодна са слоўнікам камадыфікацыя мае два значэнні: 1. дзеянне або факт ператварэння чаго-небудзь у тавар, які можна купляць і прадаваць; 2. дзеянне або факт эксплуатацыі чалавека або рэчы з мэтай атрымання прыбытку.
Але датычыцца яна можа не толькі фізічнай рэчаіснасці. Паспяховай камадыфікацыі паддаюцца з’явы, рухі, ідэнтычнасці. А таксама культура. Я запазычу тлумачэнне гэтага працэсу з артыкула “Спажываючы квір: камадыфікацыя культуры і яе ўплыў на сацыяльнае прызнанне” Майкла Дж. Яксіча:
“Камадыфікацыя культуры — працэс, з дапамогай якога звычкі да спажывання рэальных тавараў распаўсюджваюцца на адносіны з культурай… Камадыфікацыя ператварае культуру ў зручныя для спажывання прадукты і вобразы, якія дазваляюць дамінуючай культуры (у дадзеным выпадку гетарапатрыярхату. — В. Г.) выкарыстоўваць стэрэатыпы ў стварэнні "лайфстайлу" для спажывання.”
Яксіч таксама адзначае, што такая камадыфікацыя “прыводзіць да ліквідацыі культурных традыцый”, калі кавалкі культуры “вырываюцца з іх традыцыйнага кантэксту і выкарыстоўваюцца ў дэкаратыўных мэтах”.
Квір-камадыфікацыя — працэс ператварэння квірнасці у тавар, з якога можна атрымліваць прыбытак. Калі я кажу “квір-камадыфікацыя”, я маю на ўвазе як агульнае выкарыстанне рынкам ЛГБТ+ айдэнтыкі і/ці людзей, так і больш вузкую камерцыялізацыю квірнасці як левага палітычнага капцэпту. Бо якой бы левай і радыкальнай тэорыя ні была, рынак не абыйдзе яе бокам і знойдзе спосаб прадаць нам “рэвалюцыйны” мерч.
Камадыфікаваны квір — гэта вясёлкавы шопер з Тайгера, прайд пакет з Ікеі, гэта торба з сімваламі пратэсту і барацьбы ЛГБТК+ людзей, у якой капіталісты хаваюць свае намножаныя грошы.
Я вельмі не хацела б рабіць выгляд, быццам бы перапоўнілася мудрасцю так, што не маю дачынення да свету квір-камадыфікацыі.Я сама нашу гэту торбу. Я купляю квір-айдэнтыку. Літаральна і метафарычна.
Спачатку літаральна: я маю вясёлкавы пакет Ікеі. За яго я заплаціла 9,99 злотых (торба без вясёлкі каштуе 5). Ікея прапісвае, што пераводзіць сродкі ад продажу торбы на падтрымку ЛГБТК+ людзей ва ўразлівым становішчы. У Польшчы, напрыклад, грошы накіроўваюцца гарачай лініі псіхалагічнай падтрымкі для дзяцей і падлеткаў (2020-2022гг) і мапа шэлтараў для ЛГБТК+ людзей ў крызе бяздомнасці пры падтрымцыі Lambda (з 17 мая па 30 чэрвеня 2024 г.) Дакладна не зразумела, ці ўся выручка ад торбаў ідзе на ахвяраванне, бо больш дэталь най статыстыкі Ікея не дае.
Аднак набыла я гэту торбу не для таго, каб зрабіць ахвяраванне. Для гэтага лепей падышоў бы просты данат нізавой ЛГБТК+ ініцыятыве. У краме я падумала: “Ваў, хачу быць лесбіянкай”. Відавочна, мая сексуальнасць ніяк не змянілася ад набыцця торбы. Я не “стала” лесбіянкай. Але торба дала мне часовае задавальненне ад валодання пазнакай квірнасці, ад магчымасці сігналізаваць іншым (квір-)людзям сваё квір-існаванне ў прасторы. Заплаціўшы грошы Ікеі, я стала бачнай лесбіянкай. Вось метафарычная частка пакупкі: пакупка ідэнтычнасці.
Гэта даволі просты прыклад вясёлкавага капіталізму, які спрацаваў на мне. Вясёлкавы капіталізм (ці ружовы капіталізм) — выкарыстанне кампаніямі ЛГБТК+ тэмаў, сімвалаў і людзей у сваіх PR кампаніях для атрымання прыбытку і “адмывання” іншых неэтычных практык кампаніі. Але, калі Ікея сапраўды пераводзіць грошы з пакупак на патрэбы ЛГБТК+ людзей, у чым праблема? Каб адказаць на гэтае пытанне ды разматаць нітку ад вясёлкі да фінансавання гамафобіі і эксплуатацыі, неабходна зрабіць некалькі крокаў назад.
Адначасова з вясёлкай Ікея прадае драўляную мэблю і тэкстыльныя вырабы. Частка гэтай прадукцыі, як ўказвае даследаванне выдання Disclose, было зроблена з удзелам прымусовай і амаль бясплатнай працай зняволеных у беларускіх калоніях.
У сваіх афіцыйных каштоўнасцях Ікея асуджае прымусовую працу і “гарантуе ахову правоў чалавека ва ўсіх аспектах дзейнасці” кампаніі. Аднак яшчэ з 1999 года карпарацыя купляе тавары і матэрыялы, зробленыя ў Беларусі. Спыніць іх пастаўкі прымусілі толькі санкцыі, ўведзеныя ЕЗ у сувязі з паўнамасштабным уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе.
Мы не можам сцвярджаць, што ўсе беларускія закупкі Ікеі, пачынаючы з 1999 года, уключалі працу зняволеных. Аднак можам дакладна сказаць, што грошы Ікеі шлі на падтрымку дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, бо менаіта дзяржава з’яўляецца 100% валадаркай лесу на тэрыторыі Беларусі.
Гэтыя грошы Лукашэнка і яго ўрад трацілі на палітычны гвалт і парушэнне правоў чалавека, у тым ліку гамафобію. Напрыклад, на заробак для распрацоўні_ц закону, які класіфікуе любую дэманстрацыю квір-адносін як парнаграфію. А таксама на заробак міліцыянтам, якія ладзяць падстаўныя спатканні для геяў, для таго каб дапытваць і абвінавачваць квір людзей па крымінальных артыкулах толькі на падставе іх сексуальнай ідэнтычнасці.
Рамантызацыя захаду
Калі гутарка заходзіць пра выкарыстаанне ЛГБТК+ людзей і наратываў карпарацыямі ў Беларусі, можна пачуць наступную фразу: “Нам яшчэ да гэтага далёка”. На маю думку, у такім падыходзе хаваюцца дзве памылкі.
Першая — “мы яшчэ не там”. Беларусь і беларус_кі не існуюць у рэчаіснасці, адарванай ад усяго астатняга свету. Беларускі кантэкст існуе не толькі адначасова, але і пераплеценна з кантэкстам Заходняй Еўропы і Амерыкі, якія часта прыводзяцца як узоры ЛГБТК+ роўнасці.
Сапраўды, вясёлкавы капіталізм не адбываецца ў Беларусі ў тым жа выглядзе, што і на “Захадзе”. Квір-камадыфікацыя не можа захоўваць свой “заходні” выгляд ў першую чаргу праз гамафобную ўладу і законы цяперашняй беларускай дзяржавы. Аднак гэта не значыць, што (квір-)беларус_кі ўвогуле не сутыкаюцца з камадыфікацыяй квірнасці.
На прыкладзе ланцуга “салідарнасці” Ікеі мы ўжо разглядзелі фінансавае і таварнае ўключэнне Беларусі ў міжнацыянальныя карпарацыі і іх палітыкі.
Акрамя таго, мы як спажывальні_цы і як асобы падпадаем пад уплыў замежнага рынку, рэкламы і брэндынгу. Мы штодзённа бачым выказванні, накіраваныя на іншыя геапалітычныя прасторы, у інтэрнэце; мы ўвесь час спажываем інфармацыйны і забаўляльныкантантэнт з-за мяжы.
Гэта ўплывае на нашы жаданні і перавагі, на пакупецкія паводзіны. Уплывае на тое, як агулам мы ўяўляем сабе вобраз квірнасці (і, вядома, якія рэчы нам патрэбны, каб яго падтрымліваць).
Другая памылка — “нам туды трэба”. Фраза “да гэтага нам яшчэ далёка” захоўвае ў сабе жалобнае параўнанне “прагрэсіўнага” Захаду і “адсталай” Беларусі. У такім светапоглядзе беларус_кам абавязкова трэба навучыцца ў прагрэсіўных еўрап_еек і нагнаць іх поспехі, у дадзеным выпадку — у галіне рэпрэзентацыі ЛГБТК+ людзей і нашых правоў.
Сапраўды, ва ўмовах татальнага кантролю, гамафобнага (і не толькі) паліцэйскага гвалту і рэпрэсій любая квір-рэпрэзентацыя адчуваецца нечым вызваляльным, падрыўным і жаданым — нават калі гэта вясёлка на ўпакоўцы. Аднак брэндынг і PR ніколі не будуць падрыўнымі і вызваляльнымі, бо ўсе крокі карпарацый узважаныя такім чынам, каб узбагачаць іх саміх. І вясёлка на ўпакоўцы з’яўляецца толькі ў тых краінах, дзе кампанія лічыць гэта прыбытковым, а значыць,ужо дастаткова нармалі заваным.
Рэпрэзентацыя ЛГБТК+ людзей праз карпарацыі можа вабіць туды, дзе квір-людзі ўбудаваны ў капіталістычная працэсы, але адносіны з карпарацыямі заўсёды будуюцца на эксплуатацыі. Пара лесбіянак у рэкламе новага тавару будзе паказана толькі ў тых краінах, дзе заробак на прыцягнутых рэпрэзентацыяй квір_ках і квір-саюзні_цах перавысіць страты ад спужаных ёй гамафоб_ак. Падобная карпаратыўная рэпрэзентацыя можа быць прыкметай пазітыўных квір-френдлі змен у грамадстве, але ніколі не будзе рухаючай сілай, што прасоўвае гэтыя змены.
Рэпрэзентацыя ці дэрэвалюцызацыя
Камадыфікацыя па сваёй прыродзе прагматычная. Яна арыентуецца на межы дазволенага ўнутры сацыякультурнай групы, паколькі не можа рызыкаваць прыбыткам — сваёй адзінай мэтай.
Яксіч у тым жа тэксце “Спажываючы квір: камадыфікацыя культуры і яе ўплыў на сацыяльнае прызнанне” ацэньвае “ўзаемасувязь паміж камерцыялізацыяй культуры і прыняццем гомасексуальнасці” як “неадназначную”. На яго думку, “павелічэнне колькасці маркетынгу з гей-вобразамі сведчыць не столькі пра рост прыняцця гомасексуальнасці, колькі пра апрапрыяцыю капіталізмам гей-стыляў для [спажывання] масавай аўдыторыі”.
“...Распаўсюджванне інфармацыі [пра квір-людзей] праз культуру спажывання можа абмяжоўваць пашырэнне рэалістычных(true-to-life) гей-вобразаў. Ці на самай справе ператварэнне пэўнай культуры ў тавар (камадыфікацы я) павялічвае прыняццё культуры, якая становіцца таварам, усталяваць цяжка. Хоць паказ у медыя забяспечвае больш шырокую бачнасць, камадыфікацыя падладжвае тэндэнцыі і стылі пад дамінуючую культуру” — піша Яксіч.
Камадыфікацыя выкарыстоўвае мэйнстрымныя квір-вобразы і асацыяцыі, ператварае іх у прывабныя для пакупні_ц рэчы, і такім чынам прыводзіць да тыпавання квір-людзей. У выніку замест бачання унікальных асобаў гетэра-людзі чакаюць ад нас адпавядання гэтым тыпажам. А мы інтэрналізуем іх позірк і чакаем таго ж ад сябе самі.
Такім чынам квірнасці прыпісваюцца агульныя атрыбуты, візуалізацыі, спіс абавязковых якасцяў. Яна гамагенізуецца, стэрэатыпізуецца і арэчаўляецца. Гэта таксама азначае, што ў зоне бачнасці застаюцца найбольш камфортныя для капіталізму і гетэрапатрыярхату, падобныя да гетэра-большасці квір_кі.
Разам з камадыфікацыяй адбываецца знішчэнне падрыўной здольнасці і нязручнасці праявы. У камадыфікацыі не застаецца месца іншасці і квіраванню. Мы прыходзім да мадэлі шчаслівай гоманарматыўнасці ў разуменні Лісы Дагган:
“Гоманарматыўнасць — гэта палітыка, якая не аспрэчвае дамінуючыя гетэранарматыўныя дапушчэнні і інстытуты, а падтрымлівае іх, абяцаючы пры гэтым магчымасць дэмабілізаванага гей-электарата і прыватызаванай, дэпалітызаванай гей-культуры, заснаванай на сямейнасці і спажыванні”.
У некаторым сэнсе камадыфікацыя таксама працуе як спыняльны і закалыхвальны механізм для незадаволенасці і жадання справядлівасці сярод квір_ак.
“Вясёлкавы капіталізм укараняе веру ў тое, што індывідуальныя праявы спажывання лічацца актывізмам. Гэта ўтрымлівае людзей ад удзелу ў рэальнай калектыўнай радыкальнай дзейнасці, якая кідае выклік эксплуатацыі працоўных-мігранта_к і іншым рэпрэсіўным сістэмам” — піша Радхіка Радхакрышнан у артыкуле “Brands are not your friends. Queer Liberation Not Rainbow Capitalism”.
У працэсе камадыфікацыі пратэстная прырода і палітычная вастрыня квіру зводзіцца да эстэтычных і фармальных праяў, якія могуць быць уключаны ў сучаснае капіталістычнае і гетарапатрыярхатнае асяроддзе, так, каб гэтаму асяроддзю не нанесці шкоды.
Крыніцы для далейшага даследавання
Queer Necropolitics, Edited by Jin Haritaworn, Adi Kuntsman and Silvia Posocco, 2014
CONSUMING QUEER! The Commodification of Culture and its Effects on Social Acceptance, Michael J. Yaksich
The commodification of queer culture: identities through aesthetics and materialities, Chloé Bruère Dawson, 2023
“Экс-заключенный о том, как делал мебель для IKEA в колонии”,
Дарья Бернштейн, 2022 г
Как устроен принудительный труд в колониях Беларуси: “Моя зарплата — 1 рубль и 8 копеек”, Ирина Михно, 2021
Мебель из белорусских тюрем для ЕС? Кто ее сертифицировал, Дарья Бернштейн, 2024
Rainbow Capitalism: The Commodification of Pride and its Impact on LGBTQ+ Mental Health, Melisa Kose, 2021
Репрессии, которые никто не хочет замечать. ЛГБТК+сообщество в Беларуси, Ксения Тарасевич, Олег Рожков, 2025
Can the Queer Subaltern Speak?, Jennifer Duque, 2014
'Global homocapitalism',Rahul Rao, 2015