Cтруктурны гвалт
Станіслава Цярэнцьева
Грамадзянская актывістка з Віцебска, зараз вымушана знаходзіцца ў эміграцыі праз сістэматычны палітычны пераслед. Чаліня Фемгрупы Беларусь, заснавальніца нізавых праектаў і ініцыятыў, сярод якіх ініцыятыва супраць гендарна-абумоўленага гвалту "Не адной". Ініцыятарка і суарганізатарка фестывалю супраць хатняга гвалту "Не маўчы", які прайшоў у Варшаве, а таксама сукрэатарка школы "Палітканцэнтрацыя для беларусак".
Тэкст напісаны з пазіцыі фемінісцкай актывісткі, якая працуе з тэмамі гендарнай роўнасці і патрэбамі ўразлівых груп. Аўтарка аналізуе структурны гвалт праз прызму актывістскай і праваабарончай дзейнасці, а таксама ўлічвае асабісты досвед рэпрэсій.
TW: згадка гвалту, у тым ліку сексуалізаванага, забойстваў, суіцыду, катаванняў.
Тэрмін «структурны гвалт» быў упершыню ўведзены нарвежскім сацыёлагам Ёханам Галтунгам у 1969 годзе ў яго артыкуле "Violence, Peace, and Peace Research". Галтунг апісаў структурны гвалт як форму гвалту, якая ўбудавана ў сацыяльныя інстытуты, што прыводзіць да няроўнасці і несправядлівасці без відавочнага суб'екта-агрэсара [1].
Пасля ўвядзення гэтага тэрміну многія даследчыцы-феміністкі пашырылі і паглыбілі разуменне структурнага гвалту, аналізуючы, як патрыярхальныя структуры спрыяюць прыгнёту жанчын. Напрыклад, Кейт Мілет у сваёй працы "Сексуальная палітыка" (1970) даследавала, як патрыярхат выкарыстоўвае гвалт для падтрымання гендарнай няроўнасці. Яна лічыла, што гвалт з'яўляецца інструментам грамадскага кантролю, які выкарыстоўваецца для запалохвання жанчын і падтрымання іх падпарадкаванага становішча [2].
Сучасныя фемінісцкія даследчыцы працягваюць вывучаць структурны гвалт, зважаючы на скрыжаванне розных формаў прыгнёту на падставе гендару, класу, нацыянальнай прыналежнасці, палітычных поглядаў і сэксуальнай арыентацыі. Яны падкрэсліваюць, што структурны гвалт праяўляецца праз інстытуцыйныя і культурныя практыкі, якія сістэматычна ставяць жанчын і іншыя ўразлівыя групы ў нявыгаднае становішча.
Фемініцыд як форма структурнага гвалту
Фемініцыд – крайняя форма структурнага гвалту, выяўленая ў забойствах жанчын праз іх гендарную прыналежнасць. Ён караніцца ў сістэматычным прыгнёце, які праяўляецца праз:
Інстытуцыйную беспакаранасць – адсутнасць эфектыўных мераў адказнасці за гвалт супраць жанчын, ігнараванне скаргаў, няздольнасць праваахоўных органаў забяспечыць эфектыўную абарону.
Патрыярхатныя культурныя нормы і практыкі — грамадскія ўстаноўкі, якія апраўдваюць гвалт над жанчынамі і ўзмацняюць гендарныя стэрэатыпы.
Эканамічную няроўнасць — абмежаваны доступ жанчын да рэсурсаў, адукацыі і працы з годнай аплатай. Гэта павышае іх уразлівасць да гвалту.
Палітычнае выключэнне – недастатковае прадстаўніцтва жанчын у палітыцы і структурах улады на ўзроўні прыняцця рашэнняў. У выніку зніжаецца іх уплыў на адстойванне і прасоўванне сваіх правоў.