Тэмпаральны гвалт
Наталля Станкевіч
Псіхалагіня, займаецца пытаннямі адаптацыі пасля міграцыі, у тым ліку вымушанай; праблематыкай таксічных адносінаў і булінгу; дапамогай ахвярам хатняга гвалту. У 2022 г. арганізавала клуб псіхалагічнай падтрымкі для вымушаных перасяленак з Украіны. Аўтарка псіхалагічных курсаў. Мае прыватную практыку, жыве ў Германіі.
“Каб вырашыць, ці прымем мы вас на працу, мы павінны ведаць, ці не збір аецеся вы неўзабаве выйсці замуж і зацяжарыць”. “Ты ж маці ў дэкрэце, чым яшчэ ты маеш займацца, акрамя дзіцяці? Праца, хобі, самарэалізацыя? Забудзься!” “У дзяцінстве цябе намагаўся згвалціць твой стрыечны брат?! Што ты нясеш, не было гэтага! Як можна выдумваць такія бздуры?!”
Усё гэта — прыклады тэмпаральнага гвалту, альбо гвалту часам. У беларускім кантэксце тэмпаральны гвалт з’яўляецца незаўважным, але моцным інструментам дыскрымінацыі жанчын і хатняга гвалту ў адносінах да іх.
Канцэпцыя тэмпаральнага гвалту бярэ свой пачатак у працах французскага філосафа Мішэля Фуко, які даследаваў пытанні ўлады і кантролю, у тым ліку праз часавыя структуры. Хоць ён не выкарыстоўваў тэрм іну "тэмпаральны гвалт" наўпрост, яго працы закранаюць пытанні кантролю над часам як сродкам ўлады.
У сваёй кнізе "Наглядаць і караць: нараджэнне турмы" (1975) [1] Фуко аналізуе, як улады выкарыстоўваюць час для дысцыплінавання індывідаў. Ён апісвае, як у XVIII і XIX стагоддзях з'явіліся новыя формы пакарання, якія замест фізічных пакут сканцэнтраваліся на кантролі над часам і прасторай асуджаных: турмы сталі месцам, дзе час выкарыстоўваецца як інструмент для рэфармавання паводзін праз строга рэгламентаваны распарадак дня і, натуральна, абмежаванне свабоды.
Пасля Фуко даследчыкі Жыль Дэлёз і Фелікс Гватары працягвалі вывучаць тэмы ўлады, кантролю і іх сувязі з часам. У сваёй працы «Капіталізм і шызафрэнія» [2] яны аналізуюць, як сучасныя грамадствы структуруюць час і прастору для падтрымання кантролю над індывідамі. Асноўная ідэя заключаецца ў тым, што традыцыйныя мадэлі мыслення і грамадства падаўляюць спантаннасць і разнастайнасць сувязяў (патокаў), імкнучыся ўсё ўпарадкаваць і падпарадкаваць структурам улады і розуму. Яны супрацьпастаўляюць гэтаму вобраз «шызоіднага мыслення» — не як хваробы, а як метафары свабоднага, дэцэнтралізаванага, антыіерархічнага мыслення, якое разбурае межы і стварае новае.
Сацыяльныя і феміністскія акцэнты ў вывучэнне таго, як час уплывае на культурныя і сацыяльныя працэсы, ўнеслі даследчыцы Джудзі Уайцман і Барбара Адам. Яны вывучалі ўзаемаадносіны часу і сацыяльнай несправядлівасці, звяртаючы ўвагу на тое, як розныя грамадскія практыкі і сістэмы кіравання часам могуць уздзейнічаць на сацыяльныя няроўнасці. Напрыклад, Джудзі Уайцман [3] у сваіх працах звяртае ўвагу на тое, як некаторыя сацыяльныя групы (напрыклад, жанчыны) сутыкаюцца з абмежаваннямі ў магчымасцях карыстання часам і абірання дзейнасці, якую ў той ці іншы час жанчына хацела б выконваць. Яна даследуе, як праца і асабісты час гэтых груп часта структуруюцца ў адпаведнасці з пануючымі інстытуцыйнымі нормамі, якія не ўлічваюць іх асабістых патрэбаў і знешніх рэалій. Уайцман сцвярджае, што няздольнасць улічыць у паўсядзёным жыцці час на задавальненне індывідуальных патрэбаў вядзе да сацыяльнай несправядлівасці, бо адсутнасць асабістай сферы і часу на здзяйсненне прыватных інтарэсаў прыводзіць у тым ліку да эмацыйнага выгарання і праз яго абмяжоўвае магчымасці людзей да поўнага ўдзелу ў грамадстве. Аўтарка заўважае няроўнасць у карыстанні часам дзеля задавальнення індывідуальных патрэбаў у мужчын і жанчын і падкрэслівае, што выкананне жанчынамі хатніх абавязкаў, а таксама клопат пра дзяцей значна абмяжоўвае іх магчымасць выкарыстання часу для ўласнага развіцця, пабудовы кар’еры і г.д.
Барбара Адам таксама даследуе час, але з фокусам на яго сувязі з сацыяльнымі і эканамічнымі структурамі [4]. Яна адзначае, што час — гэта рэсурс, які няроўна размеркоўваецца паміж рознымі класамі (дадамо: і паміж рознымі сацыяльнымі групамі, у тым ліку гендарнымі), што можа ўзмацняць сацыяльную несправядлівасць. У рамках тэорыі "час як сацыяльны рэсурс" [5] яна паказвае, як час можа быць выкарыстаны для ўмацавання ўлады і няроўнасці ў грамадстве.
Такім чынам, тэмпаральны гвалт — гэта сацыяльна-філасофская канцэпцыя, якая, аднак, набывае новыя рысы і кшталты ў рамках сучасных падыходаў гендарнай псіхалогіі і феміністскіх наратываў. З гэтага пункту гледжання, тэмпаральны гвалт — гэта форма псіхалагічнага і сацыяльнага ўздзеяння, якая маніпулюе часам чалавека, у тым ліку жанчыны, робячы яе залежнай ад чужых патрабаванняў і чаканняў. Час становіцца сродкам кантролю, што перашкаджае чалавеку жыць гарманічна. Гэты кантроль можа ажыццяўляцца як інструментальна: праз тэрміны, дэдлайны, жорсткія графікі і пагрозы, — так і праз наратывы, якія фармуюць уяўленні пра “належнае” і “неналежнае” выкарыстанне часавага рэсурсу:
“Асноўны занятак жанчыны — выхаванне дзяцей”; “Трэба паспець выйсці замуж да 30”; “Які сэнс наймаць на працу жанчыну, яна ўсё роўна зацяжарае, і трэба будзе шукаць замену”.
Тэмпаральны гвалт у дачыненні да беларусак
Найперш трэба зазначыць, што тэмпаральны гвалт як з’ява не з’яўляецца нечым аднародным, ён уключае ў сябе некалькі элементаў. Калі ў якасці асновы для класіфікацыі бярэцца тэмпаральная шкала, то можна вылучыць гвалт мінулым, гвалт цяперашнім і гвалт будучыняй. Адначасова было б цікава разгледзець сацыяльны аспект тэмпаральнага гвалту — з гэтага пункта гледжання варта звязаць яго з выкананнем жанчынай розных сацыяльных роляў. З гэтай перспектывы можна вылучыць тэмпаральны гвалт на месцы вучобы ці працы, ў сям’і, у партнёрскіх ці бацькоўска-дзіцячых адносінах (у іх жанчына можа выступаць у абедзвюх ролях, і ў кожнай з іх станавіцца ахвярай тэмпаральнага гвалту). На скрыж аванні гэтых вымярэнняў паспрабуем разгледзець тэмпаральны гвалт у дачыненні да беларусак.
Гвалт мінулым
Гвалт мінулым у самым агульным сэнсе засноўваецца на тым, што мінуламу надаецца неадпаведная роля і ступень уздзеяння на цяперашняе жанчыны. Пры гэтым яна можа як перабольшвацца, гэтаксама і зняцэньвацца.
Асноўныя формы гвалту мінулым — гэта:
Прымус пастаянна вяртацца да траўматычнага досведу, згадванні памылак ці правінаў, альбо выстаўленне мінулага досведу ў негатыўным святле.
Зняцэньванне мінулых дасягненняў і поспехаў.
Скажэнне фактаў мінулага і/ці наданне ім новых сэнсаў і ацэнак, якія не былі ім уласцівыя.
Адмаўленне самога існавання такіх фактаў.