Харасмент ва ўніверсітэтах
Аляксей Гуліцкі
Беларускі журналіст. Да 2022 года вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, працаваў радыёвядоўцам. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну быў адлічаны з універсітэта і звольнены з працы за антываенную пазіцыю і ўдзел у пратэстах 2020 года. Неўзабаве праз пагрозу палітычнага пераследу эміграваў у Літву. У Вільні пачаў працаваць у беларускіх незалежных медыя. У 2022–2023 гадах быў часткай каманды «БРЦ» і расследаваў карупцыйныя схемы, абыход санкцый і парушэнні правоў чалавека. З 2023 года супрацоўнічае з KYKY, піша на тэмы лайфстайлу, інклюзіі і вострых сацыяльных пытанняў у беларускім грамадстве. Галоўным вынікам гэтай працы стала расследаванне харасмэнту ў ЕГУ. У 2025 годзе пачаў працаваць у расследавальніцкім праекце «Бюро». Акрамя таго, супрацоўнічае з «Іншых», «DasHip» і «Новай газетай. Балтыя».
Харасмент ва ўніверсітэтах як частка глабальнай праблемы
ААН вызначае [1] харасмент як «любыя непрыстойныя або непажаданыя паводзіны, якія іншы чалавек можа абгрунтавана ўспрыняць як крыўдныя або зневажальныя». Такая практы ка трывала ўкаранілася ў працоўным і акадэмічным асяроддзі праз ўласцівы ім дысбаланс улады.
Актуальнасць і распаўсюджанасць праблемы пацвярджае той факт, што ў 2019 годзе МАП прыняла Канвенцыю №190 «Аб выкараненні гвалту і харасменту ў сферы працы» [2]. У ёй замацавана права кожнага чалавека на свет працы, вольны ад прыніжэнняў, у тым ліку гендарнага гвалту і дамаганняў. Гэта першы міжнародны дакумент, у якім у якім замацавана адпаведнае палажэнне. Ён абавязвае дзяржавы-ўдзельніцы МАП, сярод якіх і Беларусь, прымаць меры для прадухілення і ліквідацыі харасменту ў сферы працы. У тым ліку — распрацоўваць і ўкараняць адпаведныя законы, палітыкі і механізмы іх выканання.
Гэтыя палажэнні распаўсюджваюцца і на навучальныя ўстановы. Згодна з артыкулам другім, Канвенцыя абараняе ўсіх людзей у сферы працы, уключаючы стажора_к, валанцёра_к, тых, хто шукае працу, і іншых — незалежна ад іх кантрактнага статусу. Гэта азначае, што студэнт_кі, якія праходзяць стажыроўкі ці выконваюць працу ў межах вучэбнага працэсу, таксама падпадаюць пад яе абарону.
Аднак наўпрост Канвенцыя МАП №190 не не рэгулюе дзейнасць ўніверсітэтаў. Іншых агульнапрынятых міжнародных дакументаў, якія б на юрыдычным узроўні вызначалі харасмент у акадэмічным асяроддзі і прапаноўвалі механізмы яго рэгулявання, не існуе. Праз гэта ўніверсітэцкі харасмент апынаецца ў «шэрай зоне»: яго аса блівасці і унікальныя формы застаюцца як бы па-за межамі права.
Асаблівасці харасменту ва ўніверсітэтах
Адсутнасць універсальных стандартаў рэгулявання харасменту — адна з асаблівасцяў яго праяўлення ў акадэмічным асяроддзі. Многія ўніверсітэты не маюць асобных дакументаў або працэдур, што рэгламентавалі б, як распазнаваць, фіксаваць і разбіраць выпадкі харасменту. Установы, якія прымаюць падобныя дакументы, як правіла, распрацоўваюць уласныя палітыкі. Яны могуць значна адрознівацца паміж сабой.
Тое, якім чынам харасмент праяўляецца ва ўніверсітэтах, таксама адметна. Канадская пра фесарка Сэндзі Уэлш вылучае [3] дзве асноўныя формы: «паслуга за паслугу» і «стварэнне варожага асяроддзя».
У першым выпадку, выкладчы_ца выкарыстоўвае свой уладны рэсурс (становішча на кафедры і аўтарытэт), каб атрымаць пажаданае ад студэнт_кі. Пры гэтым могуць ужывацца пагрозы («не здасі экзамен») або подкуп («напішу рэкамендацыю»).
Стварэнне варожага асяроддзя — гэта любыя дзеянні, якія даюць студэнт_кам зразумець, што ім не рады або што іх не ўспрымаюць як роўных членаў акадэмічнай супольнасці. Напрыклад, сексісцкія жарты ці перадузятае стаўленне праз гендар або знешнасць.
Абедзве гэтыя формы сведчаць пра адну і тую ж асаблівасць харасменту ва ўніверсітэтах: у яго аснове — строгая іерархія. Яна характэрна і для працоўнага асяроддзя, але ў акадэмінчых колах праяўляецца больш ярка.
Прычанай таму ёсць, па-першае, узроставы разрыў. Выкладчы_цы, як правіла, старэйшыя за студэнт_ак, а значыць маюць больш жыццёвага вопыту і вышэйшы сацыяльны статус. Гэта ўзмацняе і без таго сур’ёзны дысбаланс улады. Па-другое, пазіцыя выкладчы_цы прадугледжвае не толькі фактычную, але і сімвалічную перавагу. Трэцяя прычына — замкнёнасць акадэмічнай супольнасці.
Яшчэ адна асаблівасць харасменту ва ўніверсітэтах — у тым, як ён уплывае на будучыню чалавека, прафесійную і асабістую. Ахвяра можа несвядома звязаць траўматычны досвед з той сферай, у якой развівалася на момант здарэння, і сысці з яе. Калі харасмэнт адбываўся на тэрыторыі ўніверсітэта, сам працэс навучання можа пачаць асацыявацца не з развіццём і радасцю, а са страхам і бяссіллем.
Амерыканскае даследаванне 2018 года паказала: 48% дзяўчат, якія перажылі харасмент ва ўніверсітэце, пазбягалі агрэсара, 27% — не набліжаліся да пэўных карпусоў на кампусе, 9% — прапускалі заняткі або зусім пераставалі іх наведваць [4]. Акрамя таго, жанчыны, якія сутыкнуліся з харасмэнтам падчас навучання, могуць пазбягаць працы ў структурах, дзе большасць супрацоўні_ц складаюць мужчыны. Гэта абмяжоўвае іх магчымасці для прафесійнай рэалізацыі.
Праблема бачнасці і вывучэння харасменту у беларускіх ВНУ
Ірына Сідорская, якая дзесяць гадоў была загадчыцай кафедры на журфаку БДУ, адзначае, што ва ўніверсітэтах харасмент — «даволі частая з’ява». «Там шмат маладых студэнт_ак, якія навучаюцца, і адначасова ёсць шмат выкладчы_ц, надзеленых уладай. Глеба для харасменту ствараецца самім асяроддзем» [5], — тлумачыць даследчыца.
Адпаведнай статысткі ў Беларусі, аднак, няма, і праблема харасменту ў акадэмічным асяроддзі застаецца недаацэненай. Гэта звязана з тым, што пытанні гвалту і гендарных праблем у беларускім грамадстве, з яго патрыярхальным характарам, часта разглядаюцца як няважныя ці нават непатрэбныя.
Такі наратыў наўмысна прасоўвае дзяржава: маўляў, падобныя тэмы — штучна навязаныя «Захадам» і несумяшчальныя з «традыцыйнымі» беларускімі каштоўнасцямі. Улічваючы поўны кантроль урада над акадэмічнай прасторай Беларусі, у навукоўцаў нават пры жаданні не атрымалася б даследаваць харасмэнт ва ўніверсітэтах.
Пасля падаўлення пратэстаў 2020 года сітуацыя пагоршылся. З тых пор любыя тэмы, якія супрярэчаць дзяржаўнай ідэалогіі, сталі у сценах універсітэтаў недапушчальнымі. Выкладчы_цы і студэнт_кі, якія выступілі супраць такой цэнзуры, падвергліся рэпрэсіям з боку кіраўніцтва вну.
Вядомыя выпадкі, калі студэнтам забаранялі пісаць навуковыя працы на цікавыя ім тэмы, бо яны нібыта супярэчылі дзяржаўным інтарэсам [6]. Ёсць і прэцэдэнты адлічэнняў за ўдзел у студэнцкіх забастоўках або пад падставай пропуску сесіі, на якую чалавек не мог прыйсці, бо ў гэты час знаходзіўся пад арыштам па палітычна матываванай справе [7]. Гэта — стварэнне варожага асяроддзя, а значыць, паводле Сэндзі Уэлш, харасмэнт.
Можна меркаваць, што харасмэнт быў распаўсюджаны ў беларускіх ВНУ і да падзей 2020 года. Гэта ускосна пацверджваюць дадзеныя пра агульна высокі ўзровень гвалту ў беларускім грамадстве: з іх мы можам зрабіць выснову, што і больш прыватныя яго праявы мелі месца.